Tuesday, January 4, 2011

Неажыццёўлены праект, або Чаму Сталін не падпісаў дакумент аб стварэнні Беларускай арміі ў 1942 годзе?

Павел БЕРАСНЕЎ
"ЗВЯЗДА
Частка I

Беларуская армія ў поўным сэнсе гэтага слова была створана толькі ў 1992 годзе: менавіта тады былі прынятыя пастанова ўрада "Аб стварэнні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь", Закон "Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь", а таксама іншыя заканадаўчыя акты наконт беларускай арміі. Аднак да нас у рэдакцыю завітаў наш даўні аўтар, гісторык, даследчык нацыянальных працэсаў у Беларусі Уладзімір ГУЛЕНКА, які зараз выкладае ў Інстытуце інфармацыйных тэхналогій БДУІРа, і прынёс цэлы стос, скажам так, сенсацыйных дакументаў, адшуканых разам з дырэктарам Нацыянальнага архіва Беларусі Вячаславам СЕЛЯМЕНЕВЫМ: аказваецца, што свая армія ў беларусаў магла з'явіцца на цэлых паўстагоддзя раней — у гады Вялікай Айчыннай вайны ў складзе Чырвонай Арміі. Пра тое, якія падзеі адбываліся ў тыя часы і як развівалася сітуацыя, мы гутарым з Уладзімірам Іванавічам:
— Глядзіце, вось Закон "Аб утварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага Камісарыята Абароны БССР", прыняты 24 сакавіка 1944 года ў Гомелі на сесіі Вярхоўнага Савета БССР. І там чорным па беламу напісана: "У адпаведнасці з прынятым Вярхоўным Саветам СССР Законам "Аб утварэнні вайсковых фарміраванняў Саюзных Рэспублік і аб пераўтварэнні ў сувязі з гэтым Народнага Камісарыята Абароны з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспубліканскі Народны Камісарыят", Вярхоўны Савет БССР пастанаўляе: 1. Утварыць саюзна-рэспубліканскі Народны Камісарыят Абароны БССР. 2. Унесці ў Канстытуцыю БССР наступныя дадаткі..." і гэтак далей. Такім чынам, у 1944 годзе на паперы ў Беларусі было створана, як мы прывыклі сёння называць, Міністэрства абароны. І звярніце ўвагу на дату: 24 сакавіка, якраз напярэдадні даты 25 сакавіка, калі ў 1918 годзе Трэцяй устаўнай граматай была абвешчана незалежнасць БНР. Супадзенне? Можа і так, але, магчыма, проста бальшавікі хацелі паказаць беларусам, што толькі савецкая ўлада робіць рэальныя крокі да фарміравання беларускай дзяржаўнасці? Зараз я вам прывяду яшчэ больш цікавы факт — спробы стварыць Беларускую армію былі яшчэ раней, у 1942 годзе!

Частка II
Урад БССР у той час быў у Маскве? Адкуль такая ідэя?
— Пачну, мусіць, з апісання сітуацыі таго часу. 1942 год, вясна. У Мінску Кубэ дазволіў правесці 25 сакавіка ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне абвяшчання БНР. Бітва за Маскву ўжо адбылася, але Сталінградскай яшчэ не было. Урад БССР эвакуяваны і знаходзіцца ў Маскве. Яшчэ не створаныя Цэнтральны штаб партызанскага руху і Беларускі штаб партызанскага руху (першы будзе створаны 30 мая 1942 года, а другі — толькі ў верасні). Чым жа займаецца партыйны і дзяржаўны апарат БССР? Разам з удзелам у вайне кіраўніцтва Беларусі праводзіць перапіс эвакуяванага насельніцтва Беларусі і беларусаў-вайскоўцаў у Чырвонай Арміі — і робіцца аналіз па ўзросце, адукацыі, спецыяльнасці, поле, стане здароўя і гэтак далей. У тым ліку былі падлічаны беларускія генералы, афіцэры: хто дзе служыць, якія ўзнагароды мае. Усяго на ўлік было ўзята 780 тысяч эвакуяваных беларусаў: у асноўным насельніцтва з БССР канцэнтравалася ў Башкірскай, Татарскай і Чувашскай АССР, Туркменскай і Казахскай ССР, а таксама ў Куйбышаўскай, Новасібірскай, Свярдлоўскай, Чалябінскай і Тамбоўскіх абласцях. Для чаго рабіўся такі перапіс, ды яшчэ ва ўмовах вайны? Гэта ж не проста людзей у адной вёсцы пералічыць, тут жа быў зроблены велізарны аб'ём працы. Такі перапіс — папярэдняя праца, якая дала адказ наконт магчымых крыніц камплектавання будучай Беларускай арміі. І было высветлена, што беларусаў па ўсіх параметрах хопіць на стварэнне не адной, а хоць пяці армій!
Ну а ў жніўні 1942 года з'явіўся праект пастановы Дзяржаўнага камітэта абароны "Аб фарміраванні Беларускіх армій". Заўважце, што тут гаворка ідзе нават не пра адну , а пра дзве Беларускія арміі! Кожная з іх павінна была налічваць 84 560 чалавек, а агульная колькасць — 169 120 чалавек. 1-я Беларуская армія па задуме распрацоўшчыкаў павінна была дыслакавацца на тэрыторыі Маскоўскай Ваеннай Акругі, а 2-я Беларуская — на тэрыторыі Уральскай Ваеннай Акругі. Да 10 верасня 1942 года арміі павінны былі быць укамплектаваныя і распачаць баявую падрыхтоўку, а тэрмін гатоўнасці Беларускіх армій быў акрэслены як 10 лістапада 1942 года. Укамплектаваць новыя арміі планавалася "беларусамі і грамадзянамі іншых нацыянальнасцяў, якія пражывалі раней на тэрыторыі Беларускай ССР", тут жа прыводзіліся звесткі, што з дзейнай і рэзервовых армій можна ўзяць для камплектацыі 40 тысяч чалавек, з запасных часцей — 27 тысяч, з прызыўнікоў 1924 года нараджэння — 10 тысяч чалавек, з ліку курсантаў ваенных вучылішчаў — 3 тысячы чалавек, з унутраных і памежных войскаў НКУС — 3 тысячы чалавек, з колькасці эквакуяваных беларусаў па адборы ЦК КП(б)Б і СНК БССР — 14 тысяч чалавек (у тым ліку 4 тысячы жанчын), з ваенна-будаўнічых арганізацый — 5 тысяч чалавек, з кантынгентаў Заходняй Беларусі па адборы ЦК КП(б)Б — 10 тысяч чалавек, з колькасці эвакуяваных партыйных, савецкіх, наркамунутрспраўскіх, камсамольскіх і гаспадарчых працаўнікоў — 4 тысячы чалавек, з партызанскіх атрадаў — 5 тысяч чалавек, а таксама з добраахвотнай дывізіі, створанай Новасібірскім абкамам і аблвыканкамам для дзеянняў у Беларусі -13 тысяч чалавек. Тут жа праектам пастановы прадугледжваліся заданні армейскім начальнікам наконт укамплектавання будучых Беларускіх армій кіруючымі кадрамі, зброяй, конямі, аўтатранспартам, харчамі і іншай маёмасцю.
— Дык адна Беларуская армія ці дзве?
— У жнівеньскім праекце пастановы Дзяржаўнага камітэта абароны — дзве арміі, але ж у пазнейшым кастрычніцкім праекце — ужо толькі адна Беларуская армія. У Нацыянальным архіве Беларусі захавалася некалькі дакументаў на гэты конт: дакладная запіска сакратара ЦК КП(б)Б таварыша Панамарэнкі да Сталіна, датаваная 14 кастрычніка 1942 года, і ўжо іншы праект пастановы Дзяржаўнага камітэта абароны аб стварэнні Беларускай арміі, завізіраваны таварышам Шчадэнкам, начальнікам упраўлення кадраў РСЧА. Гэты ж праект пастановы быў завізіраваны намеснікам Народнага Камісара Абароны (прозвішча яго не пазначана), ёсць віза начальніка аргштатнага ўпраўлення генерала-маёра Чацверыкова.
І чым абгрунтоўвае неабходнасць стварэнне Беларускай арміі таварыш Панамарэнка?
— Панцеляймон Кандратавіч спасылаецца на ўзрослую самасвядомасць беларусаў, а таксама на прагу да вызвалення акупаванай тэрыторыі Беларусі. Цытую, што напісана ў дакладной запісцы: <І>"У час вайны моцна вырасла нацыянальная самасвядомасць беларусаў, умацаваліся глыбокія сувязі і любоў да рускага народа. Даўняя нянавісць беларусаў да немцаў, крывавая палітыка акупантаў у Беларусі выклікалі ў народзе разуменне вялізнай небяспекі нацыянальнаму існаванню беларусаў. Вырасла вялізнае азлабленне, пачуццё непрымірымай нянавісці да немцаў. Гэта знаходзіць выражэнне ў шырока разгорнутым партызанскім руху ў Беларусі і ў баявой устойлівасці чырвонаармейцаў-беларусаў на франтах. ЦК КП(б) Беларусі ўносіць прапанову аб утварэнні нацыянальнай Беларускай арміі. Такая армія, скамплектаваная з беларусаў, людзей, якія ненавідзяць немцаў, прагнуць помсты, будзе арміяй вялікага наступальнага парыву і ўдарнай сілы. Гэтая армія ўсімі імкненнямі будзе накіраваная на захад, на вызваленне родных месцаў. Пры вызваленні хаця б часткі Беларусі армія будзе мець вялізную крыніцу папаўнення". Касцяком для фарміравання Беларускай арміі павінны былі стаць 6 стралковых дывізій па 10374 чалавекі, а агульная колькасць арміі павінна была скласці 84 тысячы чалавек. Крыніцы для фарміравання беларускай арміі былі прадугледжаныя амаль тыя ж, што і ў папярэднім праекце пастановы, ну хіба толькі трошкі ў іншай колькасці. Што тычыцца камандавання арміяй і ўкамплектавання афіцэраў, то тут ніякіх праблем не было. Як піша Панамарэнка, кадраў бы хапіла і на пяць Беларускіх армій: "Пытанне аб малодшым сярэднім і старшым начсаставе і палітсаставе вырашаецца добра. Гэтых кадраў хапіла б і на пяць Беларускіх армій. У вышэйшым саставе Чырвонай Арміі маецца 66 генералаў-беларусаў. З іх камандуюць арміямі — 6, камандзіраў карпусоў і дывізій — 12, начальнікаў штабоў армій — 8".
Беларуская армія павінна была дыслакавацца на тэрыторыі Маскоўскай ваеннай акругі, яе фарміраванне і ўкамплектаванне павінны былі скончыцца да 15 снежня 1942 года, а тэрмін гатоўнасці быў вызначаны да 1 мая 1943 года.
А сімволіка для Беларускай арміі прадугледжвалася?
— Вядома, як жа без гэтага. Для пачатку варта адзначыць, што шэсць дывізій Беларускай арміі павінны былі насіць імя герояў-беларусаў, прычым першыя пяць — Герояў Савецкага Саюза, што загінулі ў час ВАВ (імя Мікалая Грыцаўца, Льва Даватара, Мікалая Гастэлы, Ціхана Бумажкова, Георгія Смалячкова), а 6-я стралковая дывізія — імя Кастуся Каліноўскага. Дарэчы, у жніўні 1942 года, калі яшчэ планавалі стварыць 2 Беларускія арміі, дзе адпаведна і стралковых дывізій было б 12, шэсць астатніх дывізій планавалася назваць імя Фрунзе, імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Сільніцкага, імя Вярхоўнага Савета БССР, імя Героя Савецкага Саюза Анатоля Талаліхіна, імя Уладзіміра Ванеева, імя Героя Савецкага Саюза Вікенція Наркевіча.
Цікава, што ў больш раннім дакуменце пад назвай "Пытанні палітычнага выхавання і дысцыпліны" прапаноўваецца назваць армію Беларускай асобай арміяй, а дывізіям даць назвы імя таварыша Сталіна, а таксама па геаграфічных прыкметах — Мінская, Віцебская, Гомельская, Палеская, Магілёўская і Баранавіцкая. А вось імёнамі герояў-беларусаў прапаноўвалася назваць брыгады. Што тычыцца палкоў, то тут і імёны, і геаграфія — 17-ы пяхотны Мінскі полк, 3-і пяхотны Гомельскі полк, 7-ы пяхотны Полацкі полк, 15-ы пяхотны імя Героя Савецкага Саюза Сільніцкага Суражскі полк, а таксама стралковы Вілейскі імя Янкі Купалы!

Частка III
Калі казаць пра сімволіку, то яна не павінна была выбівацца з агульнапрынятай для Чырвонай Арміі, але ж усё-такі павінна была мець свае асаблівасці. Цытую той жа дакумент: <І>"Кожны полк мае сцяг палка, кожная дывізія мае сцяг дывізіі. Для дывізіі палка вызначаецца прыняты у Чырвонай Арміі ў гвардзейскай часці фармат: колер чырвоны, у правым куце лозунг: "Смерць нямецкім акупантам, свабоду Беларусі!", у цэнтры нумар часці і прысвоенае найменне, у левым куце герб Беларускай ССР. Для ўсяго асабовага складу арміі ўстанаўліваецца нарукаўны або нагрудны знак-эмблема і ўносіцца некаторае адрозненне ў форму, якое адрознівае армію, дывізіі і палкі. Кожны полк, дывізія павінны мець прысвоеную форму. Гэта не павінна быць складана, за аснову бярэцца ўведзенае ў Чырвонай Арміі абмундзіраванне — форма, яна дапаўняецца толькі знешнімі адрозненнямі (нагрудны знак, павязка, кант, колер фуражкі і г.д.). Армія мае свой традыцыйны марш. Кожная дывізія — сваю традыцыйную песню". Таксама планавалася ўстанавіць нагрудны знак адрознення, які б паказваў прыналежнасць да Беларускай арміі — з надпісам "Смерць нямецкім акупантам, свабоду Беларусі!".
— Асабіста ў вас ёсць меркаванні наконт таго, чаму ж не з'явілася Беларуская армія ў 1942 годзе?
— Ну глядзіце самі: восень 1942 года. Самы напал пад Сталінградам. Яшчэ не было яснасці — будзе перамога ці не. Большую частку Сталінграда заняў немец. І ў гэты час займацца пераафармленнем дзейных палкоў было проста не да часу, гэта маё суб'ектыўнае меркаванне. Уявіце сабе — тут ідзе такое змаганне, такая бойка, і таму адклікаць генералаў-беларусаў з-пад Сталінграда, адклікаць афіцэраў, салдатаў, рэарганізоўваць войска проста для ідэі стварыць Беларускую армію — гэта было не да месца. Мне здаецца, што ідэя наконт стварэння Беларускай арміі аказалася не ў той час: было б трохі спакайней — і ўсё б атрымалася.
Згадзіцеся, што ідэя сама па сабе прыгожая. Прычым не проста ідэя, а падмацаваная канкрэтнай і грунтоўнай працай — пачынаючы ад перапісу і заканчваючы праектамі пастаноў і дадаткамі да іх. Шкада, што гэтая ідэя не ў свой час легла на стол. І, можа, нашы не змаглі даціснуць, правільна "ўвесці ў вушы" Сталіну.
— А ўсё-такі, чыя была ідэя стварыць беларускую армію, як думаеце?
— Хутчэй за ўсё, ініцыятарамі былі беларусы — той жа Панамарэнка, кампартыя Беларусі. Яны ж знаходзіліся ў Маскве. І ім патрэбна была канкрэтная праца. І вось і ўзнікла ідэя Беларускай арміі, тым больш што ў тыя часы ствараліся літоўскае, латышскае, эстонскае нацыянальныя фарміраванні, стваралася польская армія Андэрса. Аднак усё гэта, хутчэй за ўсё, рабілася з дазволу Сталіна, магчыма, вуснага. Бо субардынацыя ва ўмовах вайны была настолькі жорсткая, што без дазволу Вярхоўнага галоўнакамандуючага Іосіфа Сталіна нельга было такія дзеянні рабіць: і перапіс правесці, і рэсурсы падлічыць, і праекты стварыць.
— Сама задума стварэння Беларускай арміі на чым грунтавалася?
— Тут на першае месца, калі так можна сказаць, у ідэалагічнай барацьбе высунулася нацыянальнае пытанне. Глядзіце: 1938 год, польскія ўлады зачынілі апошнюю беларускую школу. Не варта забываць і пра канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай, куды без суда і следства маглі кінуць любога беларуса. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны кіраўніцтва Польшчы распрацавала агульнапольскую аперацыю пад назвай "Вахляж". Яе сутнасць сфармулявана ў загадзе генерала Сікорскага № 499 ад 5 лютага 1942 года: "На абшарах на ўсход ад польскай мяжы распачаць дыверсійна-сабатажныя дзеянні як мага ў большым маштабе". Польскае кіраўніцтва добра ведала, што за любое забойства, раненне немцаў жыхары бліжэйшых населеных пунктаў падлягалі знішчэнню. Такім чынам, падстаўляючы беларусаў і ўкраінцаў, польскае кіраўніцтва ім помсціла за тое, што тыя ў 1939 годзе падтрымалі савецкую ўладу. Што ж тычыцца польскіх земляў, то там, наадварот, польскае кіраўніцтва хацела як мага болей абараніць і захаваць насельніцтва, таму кіраўнік "Вахляжа" палкоўнік Адам Грахольскі цвёрда загадаў: "За кожны стрэл на нашым баку мяжы будзе суд". Беларусы не ведалі гэтых загадаў, але рабілі правільныя высновы з рэальных дзеянняў польскай партызанкі на нашай тэрыторыі. За першыя паўгода акупацыі Беларусі палітыка нацыстаў прынесла і працверажэнне ў поглядах беларускіх нацыяналістаў, шмат з якіх былі гатовыя ўжо выступіць і супраць немцаў, і супраць камуністаў. На акупаванай тэрыторыі Беларусі ўзнікла Партыя беларускіх нацыяналістаў (ПНБ). Адзін з яе лідараў, прафесар Вацлаў Іваноўскі, вельмі шмат зрабіў для польскага падполля ў Мінску. Дзясяткі членаў Арміі Краёвай, у тым ліку закінутыя польскім урадам з Лондана, дзякуючы яму былі легалізаваныя і атрымалі самыя зручныя для разведчыкаў пасады ў калабарацыянісцкам апараце Беларусі. ПНБ была гатовая не толькі пашыраць супрацоўніцтва, але і ўліцца ў шэрагі акаўцаў, але пры адной умове: калі польскія ўлады пісьмова гарантуюць, што пасля вайны ў рамках польскай дзяржавы беларусы атрымаюць культурна-нацыянальную аўтаномію. Але тыя, нават ва ўмовах вайны, на гэта не пагадзіліся. Такім чынам яны беларусаў як нацыю наогул не прызнавалі ні да вайны, ні ў час акупацыі. А беларусы ўжо былі ў тым стане, што хацелі быць нацыяй, народам, мець сваю дзяржаву, абараняць яе. І каб іншыя за гэта беларусаў паважалі. Такім чынам польская дзяржава фактычна барацьбу за беларусаў прайграла. Быў яшчэ адзін важны фактар — украінскія нацыяналісты АУН-УПА (яны мелі ўплыў на поўдні Беларусі), у якіх таксама, як і беларускіх нацыяналістаў, былі ў мінулым і сучаснасці агульныя ворагі: палякі і камуністы. Але гэта тэма для асобнай гутаркі.

Частка IV
А немцы?
— Тут трэба глядзець на агульную сітуацыю ў Беларусі, якая складвалася і да вайны пад палякамі, і ў час вайны пад нямецкай акупацыяй. Скажу так: Масква вельмі раўніва і ўважліва сачыла за палітыкай нямецкіх акупантаў. Па-першае, тыя не распусцілі калгасы, гэтую зручную форму адабрання сельгаспрадукцыі — тут у Маскве з палёгкай уздыхнулі. Па-другое, сачылі за нацыянальнай палітыкай: што ж прапануюць немцы? На гэтым моманце спынімся больш падрабязна. Калі прыйшла нямецкая армія, то мясцовую адміністрацыю на акупаваных тэрыторыях Беларусі пачалі фарміраваць з найбольш пакрыўджаных бальшавікамі — гэта з палякаў. А яны, у сваю чаргу, пачалі помсціць мясцоваму насельніцтву, у першую чаргу беларусам, за тое, што тыя ўзялі з рук савецкай улады зямлю, адабраную ў палякаў, абсталяванне, жывёлу і гэтак далей.
Аднак нямецкая армія пайшла далей, і немцы прызначылі грамадзянскую адміністрацыю — Вільгельма Кубэ. Ён, у сваю чаргу, пачаў шукаць за мяжой беларусаў — маўляў, хлопцы, раскажыце, што там і як. І знайшоў такую групу эмігрантаў-беларусаў у Празе і Германіі — Ермачэнку, Іваноўскага, Астроўскага і іншых. Яны аказалі на яго вялікі ўплыў, паказалі яму, што трэба беларускасць развіваць і гэтак далей. Кубэ прыслухаўся і пачаў з адміністрацыйных пасад здымаць палякаў, а ставіць замест іх беларусаў.
— Але ж Кубэ далёка не добры дзядзька...
— Правільна, ён перш за ўсё быў нацыстам і адстойваў інтарэсы Германіі, але не так прымітыўна і груба, як, скажам, у суседняй Украіне. Там Эрых Кох сказаў: "Я прымушу мясцовых гарэлкай, махоркай і бізуном". І калі ва Украіне АУН-УПА зрабілі спробу абвясціць самастойную дзяржаву, то па асабістым загадзе Гітлера было пакарана смерцю 720 бандэраўцаў. Такім чынам немцы нажылі сабе яшчэ аднаго ворага ва Украіне: у лясах ваявалі як савецкія партызаны, так і бандэраўцы. Кубэ ж быў хітрэйшы — навошта з беларусаў рабіць ворагаў, калі іх можна было эксплуатаваць. Хочаце бела-чырвона-белы сцяг — калі ласка; хочаце адкрыць цэрквы — калі ласка; тэатр, школы — калі ласка. Але мэта ўсё роўна была ў фашыстаў адна — максімальная эксплуатацыя, больш камфортная для немцаў, чым ва Украіне: чым менш супраціў мясцовых, тым лягчэй іх абіраць.
Дарэчы, не ведаю, адкуль немцы панабіралі такіх кніжак, мабыць, з часоў Першай сусветнай вайны, але з іх яны думалі пра беларусаў як пра самых прымітыўных, забітых, зацюканых людзей. Яны пісалі ва ўнутранай перапісцы, што на кіраўнічыя пасады тут проста няма каго прызначаць з беларусаў. А Кубэ на пасяджэннях казаў, што беларусы не такія простыя і прымітыўныя. 29 чэрвеня 1942 года ён апублікаваў праект указа аб Корпусе беларускай самааховы. Штаб Корпуса беларускай самааховы павінен быў складацца з трох дывізій (у Мінску, Баранавічах, Вілейцы), а штаб — размяшчацца ў Мінску. 16 ліпеня быў дадзены ўжо канчатковы загад аб фарміраванні КБС, а каб стварыць бачнасць таго, што корпус знаходзіцца пад беларускім кіраўніцтвам, немцы на вышэйшыя камандныя пасады дазволілі прызначыць беларусаў: Івана Ермачэнку, Іосіфа Гуцько, Франца Кушаля. Нават былі 1 ліпеня 1942 года адкрытыя курсы каманднага саставу КБС, дзе стала вучыцца 120 афіцэраў. Па сутнасці, гэта было амаль што вайсковае вучылішча, адкуль выйшлі беларускія афіцэры і унтэр-афіцэры, якімі іх уяўлялі нацыяналісты. Добраахвотна і прымусова ў Корпус беларускай самаабароны было мабілізавана каля 15 тысяч чалавек, аднак адной з галоўных праблем арганізацыі КБС быў недахоп неабходнай колькасці беларускіх афіцэраў і унтэр-афіцэраў. Заўважце, гэта пры тым, што, як пісаў Панамарэнка, у Чырвонай Арміі хапіла б беларускіх генералаў і афіцэраў хоць на пяць Беларускіх армій! Да таго ж АКаўцы і АУН-УПА змаглі разам мабілізаваць толькі 30 тыс. прыхільнікаў на тэрыторыі Беларусі, а колькасць савецкіх партызан і падпольшчыкаў у Беларусі дасягала 440 тыс. чалавек.

Заканчэнне

— Камуністам было што супрацьпаставіць у барацьбе за розум і душы беларусаў?
— А што зрабілі камуністы? Ім, дарэчы, было што супрацьпаставіць і польскаму кіраўніцтву, і нацыстам: не многія ведаюць, але бальшавікі ўзялі школьную праграму, па якой вучыліся царскія дзеці, і прымусілі па ёй вучыцца ўсіх "лапатнікаў" — ад якута да беларуса. У кожным раёне была створана свая газета, калі за 80 гадоў да Кастрычніцкай рэвалюцыі было выдадзена 284 кнігі на беларускай мове, то за 25 гадоў існавання савецкай улады — звыш 100 мільёнаў. Акрамя таго, па стане на 1941 год у Беларусі было 3 тысячы клубаў, 2,8 тысячы хат-чытальняў, 13 тысяч школ, у якіх навучалася каля 2 мільёнаў дзяцей, 137 тэхнікумаў, 26 вышэйшых навучальных устаноў, 17 тэатраў, оперны тэатр, 48 навукова-даследчых інстытутаў і ўстаноў на чале з беларускай Акадэміяй навук. У той жа час у 1940-1941 гады ў Заходняй Беларусі пры савецкай уладзе дзейнічала амаль 6 тысяч школ, 25 тэхнікумаў, 5 інстытутаў, 5 драмтэатраў, 100 кінатэатраў, 92 дамы культуры, 220 бібліятэк... Таксама мала хто ведае, але ў 1940 годзе для ўсяго партыйна-дзяржаўнага апарату Беларусі былі закуплены падручнікі па беларускай мове, замацаваныя настаўнікі, і ўвесь апарат павінен быў здаць іспыты па беларускай мове. Дый, скажу я вам, нават дакументы СНК БССР падчас знаходжання ў Маскве ў гады вайны вяліся па-беларуску! Але, нягледзячы на ўсё добрыя справы савецкай улады, варта не забывацца, што былі і рэпрэсіі... Тым не менш, усё роўна мы бачым, што польскае кіраўніцтва ў ідэалагічным плане канкурэнцыі савецкай уладзе ніякай не ўяўляла. Значыць, застаюцца нацысты і камуністы. Што маглі сказаць першыя? Так, Кубэ публікуе праект указа аб стварэнні Корпуса беларускай самааховы, быццам бы пачынаецца афармляцца беларуская дзяржаўнасць пад нямецкім пратэктарам... А што савецкая ўлада ў Маскве? Уважліва сочыць за гэтымі працэсамі і, ведаючы, што рыхтуецца стварэнне КБС, праводзіць перапіс, пра які мы казалі раней, прапрацоўвае магчымасці стварэння Беларускай арміі, але ўжо ў складзе Чырвонай арміі. Праўда, ідэя стварэння Корпуса беларускай самааховы потым правалілася, а ў красавіку 1943 года ён быў распушчаны... Плюс у гэты час пачаў прапагандавацца рускі патрыятызм у барацьбе з фашыстамі, але калі казаць пра рускі патрыятызм, то трэба было яшчэ казаць і пра беларускі, і пра ўкраінскі і гэтак далей. Плюс стварэнне нацыянальных армій у Прыбалтыцы — усё гэтыя фактары паўплывалі на тое, што ідэя аб стварэнні беларускай арміі пачала распрацоўвацца ў Маскве.
У Нацыянальным архіве Беларусі захоўваецца дакумент, датаваны сакавіком 1944 года, дзе намеснік ваеннага аддзела ЦК КП(б)Б таварыш Прохараў піша свайму начальніку таварышу Панамарэнку: "Пасля дэталёвага вывучэння ў ЦК ВКП(б) і Беларускай ваеннай акрузе пытання аб утварэнні нацыянальных вайсковых фарміраванняў, лічу неабходным выкласці Вам меркаванне Ваеннага аддзела ЦК КП(б)Б. У ЦК ВКП(б) і ва Упраўленні кадраў Чырвонай Арміі (са слоў т. Смародзіна) ніякіх указанняў аб камплектаванні вайсковых фарміраванняў няма. Незалежна ад гэтага, ёсць прамая неабходнасць прасіць дазволу ДКА (Дзяржаўнага камітэта абароны. — заўв. аўт.) прыступіць да стварэння вайсковых фарміраванняў у Беларусі". Тут жа ідзе і абгрунтаванне таго, навошта ствараць Беларускую армію: "1) Утварэнне Беларускага вайсковага злучэння ў перыяд Айчыннай вайны, якое будзе змагацца за вызваленне беларускай зямлі ад нямецкіх захопнікаў, будзе мець вялікае ваенна-палітычнае і гістарычнае значэнне. Гэтае злучэнне стане асновай і пачаткам вайсковага фарміравання ў Беларусі. На баявых традыцыях будуць выхоўвацца новыя фарміраванні. 2) Такія рэспублікі, як Прыбалтыйскія, Казахская, Грузінская і інш., якія маюць значна менш сваіх магчымасцяў, аднак маюць свае нацыянальныя вайсковыя фарміраванні, пры тым некаторыя з іх створаны ў перыяд Айчыннай вайны. У Беларусі, на тэрыторыі якой разгарнулася бітва за вызваленне ад нямецкіх захопнікаў, пытанне стварэння зараз жа беларускай нацыянальнай арміі становіцца актуальным і мэтазгодным. 3) Вайсковае злучэнне, якое будзе створана з беларусаў за кошт рэзерву і партызан, пры вялізнай дапамозе, якую будуць аказваць ЦК КП(б)Б і Беларускі ўрад, стане значнай сілай на адным з франтоў Беларусі. Гэта Вы выказвалі ў 1942 годзе, калі ўносілі прапанову аб стварэнні Беларускай Арміі".
— І на гэтым справа спынілася?
— Самае цікавае, што не! У тым жа самым сакавіку 1944 года на сесіі Вярхоўнага Савета БССР прымаецца Закон "Аб утварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага Камісарыята Абароны", гэта значыць, у сённяшнім разуменні — свайго Міністэрства абароны. Дарэчы, у архіве захаваліся і прамовы дэпутатаў на гэтай сесіі Вярхоўнага Савета, дзе яны абмяркоўвалі, прыняць закон ці не.. Вось, напрыклад, словы з прамовы старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР таварыша Наталевіча: "Да сучаснага моманту наша Чырвоная Армія стваралася як агульнасаюзная армія. Саюзныя Рэспублікі ўдзельнічалі ў агульнай справе арганізацыі і ўмацавання сіл Савецкага Саюза. Чырвоная Армія ... і загартоўвалася ў баях, увасабляючы ў сабе магутнасць многанацыянальнай Савецкай дзяржавы. Зараз, у мэтах далейшага ўмацавання абароннай магутнасці СССР уводзяцца вайсковыя фарміраванні Саюзных Рэспублік як састаўныя часткі Чырвонай Арміі. Зараз задачы нашай Рэспублікі ў справе абароны краіны пашыраюцца, пашыраецца адказнасць. Бясспрэчна, што намаганнямі і клопатамі ўсяго нашага народа вайсковыя фарміраванні нашых Рэспублік будуць створаны як самыя ўзорныя і дастойныя абаронцы сацыялістычнай Радзімы... Закон аб стварэнні вайсковых фарміраванняў Беларускай ССР як састаўных частак нашай доблеснай Чырвонай Арміі, дае магчымасць усім працоўным Беларусі ў яшчэ большай меры, яшчэ больш шырока і непасрэдна ўдзельнічаць у справе ўмацавання баявой магутнасці нашай Чырвонай Арміі і абароназдольнасці нашага Вялікага Савецкага Саюза. Калі царскі Ўрад не давяраў другім народам, а таму пазбаўляў магчымасці прызывацца ў армію некаторыя нацыянальнасці і народнасці царскай Расіі, то зараз справа абстаіць інакш. У нашай шматнацыянальнай Савецкай дзяржаве ўсе народы незалежна ад расавай і нацыянальнай прыналежнасці карыстаюцца аднолькавымі правамі. І зараз, калі народы Савецкага Саюза ў вайне супраць нямецкіх захопнікаў хочуць вызначыць сваё месца ў Чырвонай Арміі, стварэнне вайсковых фарміраванняў Беларускай ССР і ў сувязі з гэтым Наркамата Абароны БССР стала настойлівай неабходнасцю. У Савецкім Саюзе маюцца нацыянальныя вайсковыя фарміраванні, яны апраўдваюць сваё назначэнне гераічнай барацьбой супраць нямецкіх акупантаў. Урад Беларускай ССР разам з усім народам зробяць усё залежачае, каб беларускія нацыянальныя фарміраванні, як састаўныя часткі нашай магутнай доблеснай Чырвонай Арміі, сваёй баяздольнасцю з гонарам апраўдалі б высокі давер бацькі і друга беларускага народа таварыша Сталіна і нашай вялікай Сацыялістычнай Бацькаўшчыны — СССР". Далей таварыш Наталевіч на некалькіх старонках апісвае гераічнае мінулае беларускага народа (Грунвальдскую бітву 1410 года, бітву пры Лясной са шведамі, Айчынную вайну 1812 года, з нямецкімі і польскімі войскамі ў 1918 і 1920 гадах. Вядома, акцэнт тут робіцца такі, што беларусы змагаліся толькі ў саюзе з брацкім рускім народам) і падсумоўвае: "Беларускі народ мае слаўныя гістарычныя баявыя традыцыі, багацейшы вопыт сучаснай вайны. Гэтыя слаўныя гістарычныя баявыя традыцыі ўпітаюць у сябе і будучыя беларускія нацыянальныя фарміраванні. Гэта паслужыць залогам таго, што гэтыя фарміраванні будуць узорам воінскай дысцыпліны, непахіснай стойкасці, упорства і мужнасці ў барацьбе з ворагам, за нашу сацыялістычную айчызну". Пасля дакладчык выказвае ўпэўненасць у тым, што многія падрыхтоўчыя мерапрыемствы можна пачаць ужо зараз: напрыклад, перакласці некаторыя "ўставы і настаўленні Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі на беларускую мову", а таксама пачаць выкладаць ваенную справу ў школах і пашырыць удзел моладзі ў "масавым спорце". "Пераўтварэнне Наркамата Абароны і стварэнне вайсковых фарміраванняў Саюзных Рэспублік, бясспрэчна, яшчэ больш павысіць абаронную магутнасць СССР, гэта ўразуміць і папярэдзіць ворагаў нашай Радзімы ад легкадумных і жадных намераў нападаць на Савецкі Саюз", — прамовіў напрыканцы таварыш Наталевіч.
На тым жа пасяджэнні Вярхоўнага Савета выступіў з прамовай дэпутат і пісьменнік Міхась Лынькоў: "Праз нацыянальныя фарміраванні мы зможам яшчэ больш арганізаваць патрыятычнае выхаванне нашых воінаў. Воін, ведаючы гісторыю свайго народа, ведаючы подзвігі сваіх продкаў, ведаючы ўсе гераічныя старонкі свайго мінулага, — гэта свядомы воін, гэта бясстрашны воін, бо ён ведае, што любы вораг заўжды расплачваўся сваёй галавой за спробы паланіць нас, скарыстацца нашым дабром, нашымі здабыткамі. Ці ёсць жа ў нас кадры для нацыянальных фарміраванняў? Беларусы ваююць на фронце, беларусы ваююць у партызанскіх атрадах. Беларускі народ набыў за гады Айчыннай вайны вялікі ваенны вопыт, выразна ... вызначыліся яго баявыя звычаі і традыцыі. Такім чынам, ёсць у нас і багацейшы вопыт, і традыцыі, ёсць і багатыя воінскія кадры".
Пасля Міхася Лынькова слова было перададзена дэпутату Дуброўскаму, які таксама выказаўся за неабходнасць стварэння Беларускай арміі: "Перамогі Чырвонай Арміі ствараюць умовы для адначасовых удараў па гітлераўскай арміі, як з усходу, так і з захаду, і з поўдня. Блізкі дзень канчатковай перамогі, блізкі час вызвалення роднай Беларусі пры дапамозе вялікага савецкага народа, пры актыўным удзеле і дапамозе беларускага народа, пры дапамозе нашых баявых беларускіх партызан /Апладысменты/. Прадстаўленне права нашай Беларускай рэспубліцы фарміраваць свае вайсковыя злучэнні яшчэ больш дазволіць узмацніць савецкі патрыятызм беларускага народа і ўзмоцніць абаронную моц нашай вялікай Радзімы. Я прапаную ўнесены на разгляд Вярхоўнага Савета Закон аб вайсковых фарміраваннях і аб стварэнні ў сувязі з гэтым Народнага Камісарыята Абароны зацвердзіць".
Тое ж самае казаў і таварыш Прохараў ("Таварышы дэпутаты! Закон аб стварэнні вайсковых фарміраванняў нацыянальных рэспублік яшчэ больш узмоцніць магутнасць Чырвонай Арміі. Гэты закон накладвае вялікую адказнасць і адначасова ставіць ганаровыя задачы перад краінай. Несумненна, у нас павысіцца ўвага да ваеннай справы, ваеннай адукацыі навучэнцаў і ўсяго насельніцтва. Беларуская рэспубліка мае трывалую аснову і ўсе магчымасці для стварэння сваіх вайсковых рэспубліканскіх фарміраванняў і створыць усё, каб гэтыя фарміраванні свята захоўвалі вялікія традыцыі нашай слаўнай гераічнай Чырвонай Арміі і памнажалі б ратнымі подзвігамі славу і доблесць савецкай зброі".), былі зачытаны рапарты і звароты ад камандзіраў партызанскіх злучэнняў, а таксама выступалі іншыя дэпутаты. Такім чынам, на сесіі Вярхоўнага Савета БССР Закон "Аб утварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага Камісарыята Абароны" быў паспяхова прыняты.
На той жа самай сесіі Вярхоўны Савет прыняў і Закон "Аб утварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага Камісарыяту Замежных Спраў БССР" — гэта значыць, Міністэрства замежных спраў у сучасным разуменні. Але калі МЗС, хоць і па-свойму "лялечнае" ў Беларусі потым сапраўды стварылі, то Народны Камісарыят Абароны БССР так і застаўся толькі на паперы. Асноўная загвоздка ў тым, што мы так і не бачылі, каб гэты прыняты ў 1944 годзе закон потым адмянілі. Фактычна атрымліваецца, што яго проста не выканалі.
— А чаму?
— Магчыма, паглядзелі, што Беларусь і так стала заснавальніцай ААН, галоўная мэта была выканана. Да таго ж, калі стварыць Беларускую армію, то трэба рабіць аналагічныя вайсковыя фарміраванні і ў іншых савецкіх рэспубліках. Відаць, грамадства і кіраўніцтва не былі гатовыя да гэтага і не хацелі сабе лішніх праблем.
Але тым не менш, мы бачым, што 24 сакавіка 1944 года Закон "Аб утварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага Камісарыята Абароны" быў прыняты, а значыць, Беларуская армія можа лічыць сваё афіцыйнае стварэнне не з 1992 года, а з 1944-га. Так ці інакш, але я лічу, што афармленне асобнага беларускага Народнага Камісарыята Абароны і Народнага Камісарыята Замежных Спраў, як важных атрыбутаў дзяржаўнасці, з'яўляецца цікавым і значным фактам, вартым увагі гісторыкаў, ды і проста шырокіх колаў грамадства.
— Беларуская армія так і не была створана. Сталін быў супраць?
— Мы з Вячаславам Селяменевым, дырэктарам Нацыянальнага архіва Беларусі і пры падтрымцы Уладзіміра Адамушкі, дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Мінюста, зрабілі на грамадскіх пачатках запыты ў Расійскі дзяржаўны архіў сацыяльна-палітычнай гісторыі, у Федэральнае архіўнае агенцтва — там нічога не знайшлі і напісалі адказ, што дакументаў з рэзалюцыяй Сталіна няма. Таму дакументальных пацверджанняў таго, што на гэты конт вырашыў Сталін, нам знайсці не ўдалося. Мы можам толькі меркаваць і будаваць здагадкі. Хоць сэнс развіваць гэты напрамак і працягнуць шукаць дакументы з рэзалюцыяй Сталіна ёсць... адзінае, што хацелася б яшчэ заручыцца фінансавай падтрымкай Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, бо мы пакуль шукаем гісторыю іх ведамства на голым энтузіязме.

No comments:

Post a Comment